Ацяпляльны сезон у Беларусі ўжо даўно стартаваў, але жыхары некаторых дамоў усё роўна скардзяцца на холад. У ЖКГ Мінска растлумачылі, што праблема можа быць не ў батарэях, а ў смеццеправодзе.
— Пры наяўнасці няшчыльных клапанаў смеццеправод працуе як вентыляцыйная шахта, выцягваючы цяпло з пад’езда і кватэр, — растлумачылі камунальнікі.
У ЖКГ адзначаюць, што, хоць смеццеправод у пад’ездзе падаецца зручным, на практыцы ён стварае нямала праблем. Сярод іх — антысанітарыя, шум і небяспека пажару ад бутэлек і іншага смецця, а таксама цяжкасці з сартаваннем.
З пачатку года ў Мінску ўжо закансервавалі 181 смеццеправодны ствол у 63 жылых дамах. Аднак зрабіць гэта можна толькі з агульнай згоды жыхароў.





