Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

"Беларусь — тыповая балтыйская, беларускамоўная паўночнаеўрапейскай краіна, з цеснымі сувязямі з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй, а таксама Скандынавіяй. Асноўнае веравызнанне — пратэстантызм, каталікі і праваслаўныя — у меншасці". Гучыць як нешта з альтэрнатыўнай гісторыі. Аднак у нашым мінулым сапраўды быў момант, калі ўсё магло пайсці па такім шляху. Гэта быў час, калі нашыя продкі вырашылі аб’яднацца ў адну дзяржаву са Швецыяй. Расказваем, як так адбылося і чаму саюз канчаткова так і не склаўся.

Гэты тэкст заснаваны на даследаваннях беларускага гісторыка Андрэя Катлярчука, які жыве і працуе ў Швецыі. Гаворка пра кнігі «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» (2007) і «У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны XVII ст.». Таксама мы выкарыстоўвалі асобныя іншыя публікацыі — у такіх выпадках на іх прыведзеныя спасылкі.

Рэфармацыя — шанец для ВКЛ

Пункт адліку гэтай гісторыі — першая палова XVI стагоддзя. Тады пачалася Рэфармацыя — рух па абнаўленні каталіцкай царквы, які прывёў да стварэння пратэстантызму як адной з плыняў хрысціянства.

У той час нашыя продкі жылі ў Вялікім княстве Літоўскім — беларуска-літоўскай дзяржаве. З усходу ВКЛ пагражала праваслаўная Масква, якая ўвесь час імкнулася захапіць нашыя землі падчас шматлікіх войнаў. На захадзе ўзмацнялася вага каталіцкай Польшчы: у той перыяд у яе з ВКЛ быў адзін на дваіх манарх, але аж да Люблінскай уніі 1569 года дзяржавы заставаліся асобнымі і захоўвалі значную ступень незалежнасці. Пры гэтым шырокія правы і прывілеі польскай шляхты не давалі спакою і хвалявалі ўяўленне іх калег з ВКЛ, але аб’ядноўвацца з заходнімі суседзямі тыя яшчэ не хацелі.

Каб пераадолець уплывы гэтых краін, а таксама ўмацаваць палітычную свядомасць жыхароў княства, частка эліты зрабіла стаўку на Рэфармацыю. Лекцыі аднаго з яе галоўных ідэолагаў Марціна Лютэра праслухалі 20 высакародных студэнтаў з ВКЛ. У 1553 годзе у Брэсце быў заснаваны першы пратэстанцкі збор (абшчына з храмам). І цягам наступных 15 гадоў амаль уся палітычная эліта княства стала пратэстанцкай. 3 28 паноў-рады (найвышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ таго часу) 17 былі пратэстантамі, дзевяць праваслаўнымі і толькі двое — каталікамі. Пратэстанты займалі амаль усе ўплывовыя пасады.

Якраз да таго часу належыць апошні буйны паспяховы прарыў у самастойнай знешняй палітыцы ВКЛ — далучэнне Лівоніі (тэрыторыі сучасных Латвіі і Эстоніі). Тады гэта была Лівонская канфедэрацыя, у якую ўваходзілі епіскапства каталіцкай царквы, тэрыторыі Лівонскага ордэна і самастойныя гарады гэтага рэгіёна. На Лівонію прэтэндавалі Польшча, ВКЛ, Расія, Швецыя і Данія. Першай у 1558 годзе на яе напала Масква. ВКЛ на той момант было саюзнікам Лівоніі, мела на яе свае інтарэсы, таму ўмяшалася. У 1561 годзе на частцы земляў Лівонскага ордэна ўзнікла Герцагства Курляндыя і Семігалія, якое стала васалам ВКЛ — то бок прызнала сябе палітычна і ваенна залежным ад яго. Астатняя частка тэрыторыі канфедэрацыі адышла да ВКЛ. У выніку нашыя продкі ўпершыню атрымалі супольную дзяржаўную мяжу са Швецыяй, якая валодала часткай сучаснай Эстоніі.

Ливонский орден и его составные части в первой половине XVI века. Изображение: Kaidor, "Всемирная история. Энциклопедия". Т. 4 (Москва, 1958), CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Балтыя ў першай палове XVI стагоддзя. Выява: Kaidor, «Сусветная гісторыя. Энцыклапедыя». Т. 4 (Масква, 1958), CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Далучэнне Лівоніі прывяло да непазбежнага канфлікту з Масквой, які склаўся для нас няўдала. У 1563-м быў захоплены Полацк, адзін з найбуйнейшых гарадоў княства. Грошай і войскаў для вызвалення захопленых тэрыторый не было. Гэта стала адной з прычынаў падпісання ў 1569 годзе Люблінскай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Яны сталі часткамі федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Новая дзяржава атрымала адзінага манарха, агульны сейм і сенат, дзе па колькасці пераважалі дэлегаты ад Польшчы. Пры гэтым дзве часткі федэрацыі захавалі ўласныя адміністрацыйны апарат, казну, войска і законы.

Кароль-швед, які ваюе са сваёй радзімай

Дзякуючы стварэнню Рэчы Паспалітай нашыя продкі засталіся ў еўрапейскай цывілізацыі, пазбегнуўшы маскоўскай акупацыі, якая была рэальнай пагрозай. Аб’яднаныя войскі РП вызвалілі тэрыторыі, захопленыя ўсходнім суседам, а Лівонскую канфедэрацыю ў рэшце рэшт падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітая, Данія і Швецыя. Але пакрысе ў новай краіне стала ўсё больш дамінаваць Польшча. Праяўлялася гэта і ў рэлігійным плане. Напрыканцы кіравання караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1587−1632) сярод сенатараў ВКЛ не засталося ніводнага пратэстанта альбо праваслаўнага — кароль зрабіў стаўку на каталіцызм і Контррэфармацыю (рух супраць пашырэння пратэстантызму).

Цікава, што сам гэты манарх быў шведам. Усяго за шэсцьдзесят з гакам гадоў да яго каранацыі Швецыя не была самастойнай краінай, а падпарадкоўвалася Даніі. Дзядуля Жыгімонта, просты шляхціц Густаў Ваза, узначаліў нацыянальнае паўстанне (1521−1523). Яно скончылася перамогай, краіна стала незалежнай, а Густаў — яе каралём. Яго спадчыннікі пры падтрымцы мясцовай эліты паставілі задачу кантраляваць увесь балтыйскі міжнародны гандаль, зрабіць Балтыйскае мора ўнутраным «шведскім возерам» і ператварыць сваю дзяржаву у лідара паўночнай Еўропы. Пакрысе гэтыя планы рэалізоўваліся. Былі захопленыя Эстонія, частка тэрыторый сучаснай Латвіі і Германіі. Швецыя стала тагачаснай звышдзяржавай.

Питер Саутман. Портрет короля Речи Посполитой Жигимонта Вазы, 1624 год. Королевский замок в Варшаве. Изображение: commons.wikimedia.org
Партрэт караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы, 1624 год, аўтар Пітэр Саутман. Каралеўскі замак у Варшаве. Выява: commons.wikimedia.org

Яе поспехі грунтаваліся на комплексе фактараў. Швецыя мела адно з найлепшых у Еўропе войскаў, аснову якога складалі свабодныя сяляне, вялікі флот (у пачатку XVII стагоддзя ён кантраляваў нават Дзвіну і рабіў рэйды па ёй ажно да сучаснага Даўгаўпілса), адрознівалася моцнай каралеўскай уладай (усе маёнткі, раздадзеныя магнатам, вярнуліся ва ўласнасць дзяржавы) і монарэлігійным насельніцтвам (98% жыхароў краіны былі пратэстантамі-лютэранамі).

А вось Жыгімонт ІІІ Ваза, сын шведскага караля Юхана ІІІ і Кацярыны Ягелонкі (дачкі караля Жыгімонта І Старога і Боны Сфорцы), быў выхаваны каталіком. Тое прыдалося яму ў Рэчы Паспалітай. Спачатку шляхта абрала яго на трон РП (пасля перарвання дынастыі Ягелонаў пасада каралёў стала выбарнай). А пасля смерці бацькі ў 1593 годзе Жыгімонт атрымаў і шведскую карону.

Але палітыка каталіцкага караля з Варшавы выклікала незадавальненне пратэстанцкай эліты Швецыі. У 1595-м лідар тамтэйшай апазіцыі, суродзіч Жыгімонта з дынастыі Ваза, захапіў уладу і пазней абвясціў сябе шведскім каралём Карлам ІХ. Наш манарх пакрыўдзіўся — і гэта ўцягнула Рэч Паспалітую ў шматгадовую вайну са Швецыяй, якая цягнулася з 1600 да 1629 года з трыма перапынкамі ў 1611−1617, 1618−1621, 1622−1625 гадах (але, закончыўшыся, потым вярнулася зноў).

У гэтым канфлікце Варшава імкнулася перакласці ваенныя выдаткі на Вільню. Для той гэта быў надмерны цяжар. Напрыклад, за 1600−1611 гады дзяржаўны скарб ВКЛ зарабіў 1 млн 843,4 тыс. залатых, але на вайну давялося выдаткаваць нават больш — 1 млн 888,5 тыс. З 1617 года грашовае забеспячэнне вайны са Швецыяй стала выключным абавязкам ВКЛ, хоць не адпавядала нашым інтарэсам: шляхта, гараджане і нават сяляне былі зацікаўленыя, наадварот, у гандлі з гэтай краінай, бо праз шведскую тады Рыгу ішоў амаль увесь заходні імпарт. Спыненне яго было катастрофай. Усходнія ваяводствы «задыхнуліся без рыжскага гандлю», «у местах і вёсках зніклі соль, селядзец, іншыя неабходныя рэчы», гаварылі шляхцічы княства крыху пазней, на сойме 1624 года.

Таму яшчэ ў 1622-м Вялікае княства Літоўскае адважылася заключыць са Швецыяй сепаратную дамову (то бок асобную, самастойна, без узгаднення з саюзнікам — Польшчай). Дзякуючы ёй дадому вярнуліся ваеннапалонныя. Далей кантакты працягваліся. У шведскіх архівах засталося ліставанне з мясцовымі чыноўнікамі, якое вялі ваявода Мсціслаўля і падваявода Смаленска (тады ён уваходзіў у склад нашай дзяржавы). У выніку яшчэ праз пяць гадоў, у 1627-м, ВКЛ заключыла са Швецыяй сакрэтнае пагадненне і спыніла з ёй баявыя дзенні. Адным з ініцыятараў гэтага быў Кшыштаф Радзівіл — яго сын Януш пазней зробіць вырашальную спробу аб’яднацца са Стакгольмам.

Криштоф Радзивилл. Изображение: National Museum, Warsaw, commons.wikimedia.org
Кшыштаф Радзівіл. Выява: National Museum, Warsaw, commons.wikimedia.org

Сепаратнае пагадненне выклікала абурэнне ў Польшчы, бо парушала Люблінскую ўнію, паводле якой часткі Рэчы Паспалітай мусілі весці адзіную знешнюю палітыку. Аднак пад ціскам эліты Жыгімонту давялося ў 1629-м заключыць са Швецыяй Альмаркскае перамір'е. Лівонію падзялілі, шведы атрымалі яе большую частку, і дзяржаўная мяжа амаль на стагоддзе пралягла па поўдні сучаснай Латвіі. У 1635-м тэрмін дамовы скончыўся, але ваяваць ніхто не хацеў, і было падпісана новае Штумсдорфскае перамір'е на 26,5 гадоў.

Агрэсія Масквы — нагода для перамоў

Так ВКЛ і Швецыя сталі яшчэ бліжэйшымі. Іх эліты ўжо мелі досвед узаемадзеяння. На Стакгольм арыентаваліся і пратэстанцкія вярхі княства. Яны хацелі выгаднага супрацоўніцтва са Швецыяй — і папярэднія сепаратныя дамовы можна было лічыць рэпетыцыяй будучага саюза.

Ход падзей прыспешыла чарговая вайна з Масквой, якая пачалася ў 1654 годзе і была надзвычай няўдалай для нашых продкаў. Хутка былі ўзятыя ці здаліся Смаленск, Магілёў, Полацк. Польшча дапамагаць не спяшалася, хоць войска Масквы складала больш за 64 тысячы, а войска ВКЛ на чале з гетманам Янушам Радзівілам — толькі 12 тысяч.

Гэты магнат пачаў першыя, ні да чаго не абавязваючыя кантакты са Стакгольмам яшчэ ў 1654 годзе. Але на пачатку 1655 года Януш і яго стрыечны брат Багуслаў Радзівіл вырашылі вызваліць Беларусь сваімі сіламі, часова спынілі перамовы і пачалі контрнаступ. Ён аказаўся няўдалым. У красавіку Януш Радзівіл накіраваў ліст слонімскай шляхце. У гэтым дакуменце ён падкрэсліваў, што ВКЛ б’ецца з ворагам сам-насам, без дапамогі Польшчы. Маўляў, палажэнні Люблінскай уніі парушаныя. Тут ён упершыню адкрыта заявіў, што унія зрабілася бессэнсоўнай.

Януш Радзивилл. Портрет Бартоломея Стробеля. Изображение: szliachta.org, commons.wikimedia.org
Януш Радзівіл. Партрэт аўтарства Барталамея Стробеля. Выява: szliachta.org, commons.wikimedia.org

У наступным месяцы Масква пачала другую ваенную кампанію — з мэтай ліквідаваць ВКЛ як суверэнную дзяржаву. Расійская армія налічвала ўжо 100 тысяч, наша — усяго 10. Быў захоплены Мінск, пазней Вільня. Але кароль Ян Казімір Ваза, сын Жыгімонта Вазы, адклікаў польскія атрады, дасланыя на дапамогу войску ВКЛ.

Рэзкае ўзмацненне Масквы не ўваходзіла ў планы Швецыі, таму яна вырашыла ўмяшацца ў канфлікт. Напрыканцы чэрвеня 1655 года шведскае войска перайшло мяжу РП і неўзабаве заняла Дынабург (цяпер Даўгаўпілс). Так паралельна з вайной з Масквой у Швецыі пачаўся канфлікт з Рэччу Паспалітай.

Падзеі наступных пяці гадоў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай замацаваліся ў польскай гісторыяграфіі пад назвай «Шведскі патоп». У ХІХ стагоддзі Генрык Сенкевіч прысвяціў гэтаму перыяду раман «Патоп». Януш і Багуслаў Радзівілы ў ім былі намаляваны як здраднікі Рэчы Паспалітай. Чаму — пра гэта ніжэй.

За пару месяцаў шведы занялі частку тэрыторыі цяперашняй Літвы (нават збіраліся даць волю ўсім сялянам ВКЛ, але шляхта не згадзілася) і Польшчы. У такіх умовах, не маючы больш магчымасцяў абараніць свой край, Януш Радзівіл вырашыў дзейнічаць, і частка эліт ВКЛ пад яго кіраўніцтвам пачала перамовы са шведамі, у выніку якіх Княства аказалася пад шведскім пратэктаратам.

"Аблога Берасця", праца Эрыка Дальберг. Выявар: ebay.de, commons.wikimedia.org
«Аблога Берасця», праца Эрыка Дальберга. Выява: ebay.de, commons.wikimedia.org

Гісторык Андрэй Катлярчук, насуперак перакананням мінулых стагоддзяў, мяркуе, што гетман клапаціўся не пра ўласныя маёнткі ці палітычныя пасады, а пра радзіму.

«Калі б Януш Радзівіл пераследаваў выключна асабістыя інтарэсы, ён хутчэй бы абраў супрацоўніцтва з Расіяй, а не з Швецыяй. Радзівіл мог пераняць прыклад [Багдана] Хмяльніцкага (украінскі гетман, які пайшоў на саюз з Масквой. — Заўв. рэд.), і ў гэтым выпадку Масква захавала б за ім пасады вялікага гетмана і ваяводы віленскага, што зрабіла б яго другім па магутнасці ўраднікам у Літве пасля цара. Гэта забяспечыла б захаванне ўсіх яго земляў і пакінула б магчымасць дамагацца надалей аўтаномнага статусу ВКЛ у складзе Маскоўскай дзяржавы. Аднак замест гэтага Радзівіл абраў нашмат болыш рызыкоўны трэці шлях — унію са Швецыяй. Гэты крок аўтаматычна ўводзіў яго партыю ў канфлікт з дзвюма рэгіянальнымі „звышдзяржавамі“ — Польшчай і Расіяй», — пісаў Катлярчук.

Король Речи Посполитой Ян Казимир Ваза. Работа Даниэля Шульца. Изображение: Бриджменская библиотека искусств, commons.wikimedia.org
Кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір Ваза. Твор Даніэля Шульца. Выява: Брыджменская бібліятэка мастацтваў, commons.wikimedia.org

Шведскі пратэктарат і шведскі Браслаў

17 жніўня 1655 года нашыя продкі падпісалі са шведамі «Дэкларацыю», якая дазваляе зразумець іх планы. Прадстаўнікі ВКЛ прапаноўвалі раўнапраўную унію двух дзяржаў: будучая федэрацыя мусіла мець такую ж структуру, што і Рэч Паспалітая паводле Люблінскай уніі. Шведскі кароль Карл Х Густаў прызнаваўся вялікім князем літоўскім і атрымліваў манаршыя землі, права рабіць прызначэнні на дзяржаўныя пасады, размяркоўваць царкоўныя прыходы і вымарачныя маёнткі (зямельныя ўладанні, якія засталіся без законных спадчыннікаў пасля смерці гаспадароў). Нашыя продкі захоўвалі ўласныя заканадаўчыя і судовыя органы, а таксама рэлігійныя свабоды і шляхецкія прывілеі.

Шведский король Карл 10 Густав. Фрагмент работы Себастьяна Бурдона. Изображение: Nationalmuseum, commons.wikimedia.org
Шведскі кароль Карл Х Густаў. Фрагмент працы Себасцьяна Бурдона. Выява: Nationalmuseum, commons.wikimedia.org

«Геаграфічная адлегласць паміж ВКЛ і „метрапольнай“ Швэцыяй давала літоўскім лідарам надзею на збольшага адасобленае палітычнае жыццё. Гэта таксама быў шанец спыніць расійска-казацкую акупацыю (казакі тады былі ў саюзе з Масквой. — Заўв. рэд.), уратаваць краіну ад крызісу і забяспечыць будучае стабільнае развіццё ў рамках балтыйскай Шведскай імперыі», — пісал Катлярчук. Гэта адпавядала інтарэсам пратэстантаў, былі сярод падпісантаў «Дэкларацыі» і прадстаўнікі іншых веравызнанняў.

Але асобныя моманты не падабаліся шведам. ВКЛ не хацела ваяваць супраць Польшчы і патрабавала, каб Стакгольм адбіў у Расіі захопленыя тэрыторыі. Шведы ж гэтым займацца не хацелі. Ды і наогул Стакгольм не жадаў раўнапраўнай федэрацыі. У выніку «Дэкларацыя» так і не была ратыфікавана. Перамовы працягнуліся.

«Паход шведаў да Кейданаў», твор Юзафа Бранта. Выява: commons.wikimedia.org
«Паход шведаў да Кейданаў», твор Юзафа Бранта. Выява: commons.wikimedia.org

Акурат тады шведы занялі частку сучаснай тэрыторыі Беларусі — Браслаўскі павет. 25 жніўня 1655 года яны ўвайшлі ў Браслаў і прапанавалі мясцовым жыхарам перайсці на бок Швецыі, абяцаючы абарону ад маскоўскіх войскаў. Пагроза была рэальнай, а мясцовыя ведалі, што са шведамі спрабуюць дамовіцца нават на «самым версе». Таму 28 жніўня больш за 116 браслаўскіх, 38 полацкіх і ашмянскіх шляхціцаў (уцекачоў ад маскоўскай акупацыі), трое святароў і трое полацкіх купцоў падпісалі акт аб падданстве Швецыі. У выніку жыхары Браслава цэлы год (ліпень 1655 — ліпень 1656) былі ў складзе Шведскага каралеўства.

Тым часам сітуацыя стала змяняцца. 8 верасня 1655 года Варшава таксама здалася Швецыі, якая цяпер кантралявала шэраг польскіх тэрыторыяў. Частка войска ВКЛ выступіла супраць Януша Радзівіла і яго дамоўленасцяў са шведамі. Кароль Ян Казімір абвясціў яго і Багуслава здраднікамі і канфіскаваў іх маёнткі (паводле закону, да суду так рабіць было нельга, таму пасля вайны яны вярнуліся гаспадарам). Гэта аслабіла Януша Радзівіла і паменшыла яго прэстыж сярод эліты.

Тект Кейданской унии 1655 года. Изображение: commons.wikimedia.org
Тэкст Кейданскай уніі 1655 года. Выява: commons.wikimedia.org

Карыстаючыся сітуацыяй, шведы навязалі Вялікаму княству больш выгаднае для сябе пагадненне — Кейданскую ўнію, асноўныя дакументы якой былі падпісаныя 20 кастрычніка 1655 года ў Кейданах (цяпер літоўскі Кедайняй). Умовы былі такімі:

  • кароль Карл Х Густаў абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Усе ранейшыя уніі і дамовы з Польшчай скасоўваліся;
  • выбары вялікага князя скасоўваліся, будучыя каралі Швецыі аўтаматычна станавіліся вялікімі князямі літоўскімі;
  • ВКЛ і Жамойць (рэгіён на паўночным захадзе сучаснай Літвы, ён атрымаў асобны статус) захоўвалі аўтаномію і асобнае заканадаўства. Любыя змены ў законах, ініцыяваныя шведскім каралём, мусілі зацвярджацца на сойме;
  • непасрэднае кіраўніцтва ВКЛ пераходзіла да прызначанага каралём намесніка;
  • захоўвалася свабода веравызнанняў;
  • войска ВКЛ падпарадкоўвалася каралю Швецыі, ён меў права заключаць мір і абвяшчаць вайну;
  • ВКЛ пагаджалася ваяваць з Польшчай.

Як бачна, гаворкі пра ўнію на роўных умовах ужо не ішло. А патрабаванне, каб Швецыя пачала вайну супраць Расіі за вызваленне захопленых тэрыторый княства, было забытае.

Жахлівае пяцігоддзе

Аднак і Кейданская унія не была цалкам рэалізаваная на практыцы. Яе не ратыфікавалі ні кароль, ні сойм Швецыі. На тое паўплываў шэраг прычын.

Стакгольм рабіў стаўку не на ВКЛ, а на больш цікавую яму Польшчу, хоць там у яго не было ніякай рэальнай падтрымкі. Рада шведскай Літвы — орган, створаны для кіравання нашымі тэрыторыямі, — дбала пра інтарэсы Швецыі, а не мясцовага насельніцтва. Пасля падпісання Кейданскай уніі шведскія ўлады сталі разглядаць ВКЛ як акупаваную імі краіну, а не як раўнапраўнага партнёра. Яны ўвялі жорсткі падатковы рэжым і не здолелі стрымаць сваю армію ад гвалту ў дачыненні да мясцовых жыхароў, што выклікала агрэсію ў адказ.

Пры гэтым частка шляхты ВКЛ не падтрымала саюз са Швэцыяй і засталася на баку Польшчы. 31 снежня 1655 года гетман Януш Радзівіл памёр (імаверна, быў атручаны) — а больш ніхто з прашведскіх палітыкаў не карыстаўся такім аўтарытэтам.

Далей падзеі развіваліся хутка. Ужо ў красавіку 1656 года жамойцкая каталіцкая шляхта Літвы падняла бунт супраць шведаў і знішчыла частку іх вайсковых падраздзелаў. У ліпені таго ж года вайну Стакгольму аб’явіла Масква.

Пяцігоддзе «Шведскага патопу» было вельмі цяжкім для Рэчы Паспалітай, здавалася, што яна спыніць існаванне. Амаль уся яна (карта ніжэй) была акупаванай: большасць тэрыторыі ВКЛ — Масквой, Польшчы — Швецыяй. Гэта была частка сістэмнага крызісу, які цягнуўся яшчэ даўжэй, з 1648-га, калі пачалося паўстанне ва Украіне. Яна тады належала Польшчы і ўваходзіла ў РП — у тым канфлікце казакі пераважна ваявалі супраць нашых продкаў. Далей, у 1654-м, на краіну напалі маскоўцы. Потым шведы на чале з каралём Карлам Х Густавам занялі практычна ўсю Польшчу.

Территория Речи Посполитой, занятая Швецией и Россией в ноябре 1655 года. Изображение: CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Тэрыторыя Рэчы Паспалітай у лістападзе 1655 года. Усходняя палова (шэра-зялёны колер) акупаваная Расіяй, заходняя палова і поўнач (светла-зеленаваты колер) — Швецыяй. Толькі малы жоўты кавалачак на поўдні заставаўся пад уладай польскага караля. Выява: CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У 1656-м на баку шведаў у вайну ўступіла Прусія (Брандэнбург). Палякі адбілі — і зноў страцілі Варшаву. У 1657 годзе да вайны супраць Польшчы далучыліся Трансільванія (васал Венгрыі) і запарожскі гетман Багдан Хмяльніцкі са сваімі казакамі. Гэтыя тры бакі нават дамовіліся падзяліць Рэч Паспалітую пасля перамогі, прычым князь Трансільваніі мусіў стаць каралём і атрымаць у тым ліку ВКЛ і Берасцейшчыну. Варожыя сілы атакавалі край з розных бакоў, спусташалі землі, рабавалі і палілі гарады. Было ўзята і Берасце. За Рэч Паспалітую білася і войска ВКЛ, але шанцаў было ўсё менш. Толькі пасля сярэдзіны 1657 года, калі на дапамогу Польшчы прыйшла армія Аўстрыі, а таксама ў вайну супраць Швецыі ўступіла Данія, наступіў пералом. Пазней палякі заключылі мірную дамову з Прусіяй, і тая таксама павярнула войскі супраць Швецыі.

Вялікі канфлікт спыніўся толькі ў 1660 годзе, калі кароль Карл Х Густаў памёр і Швецыя пад сумесным ціскам Рэчы Паспалітай, Аўстрыі, Даніі і Прусіі падпісала Аліўскі мір. Але для Польшчы і ВКЛ вайна цалкам закончылася ажно ў 1667 годзе, калі ўдалося замірыцца з Масквой. Мы здолелі захавацца як дзяржава толькі шляхам каласальных намаганняў.

Страчаны шанец

Якімі былі наступствы таго, што ў пачатку гэтай вайны ВКЛ падпісала унію са Швецыяй? З аднаго боку, шведы пэўны час ўспрымала нас як саюзніка, таму не рабавалі нашыя замкі. Слуцк, якім валодаў Багуслаў Радзівіл, аказаўся адзіным горадам Беларусі, які не пашкодзіла вайна. Гэта абумовіла яго першынства ў айчыннай культуры другой паловы XVII-XVIII стагоддзяў. У адрозненне ад рускіх, шведы не практыкавалі масавага вывазу рамеснікаў і сялянаў.

Увогуле ж, як лічыць Катлярчук, дзякуючы гэтай ўніі ВКЛ заставалася на карце Еўропы яшчэ да 1795 года (пакуль не адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай), бо толькі часовы альянс са Швецыяй перашкодзіў Расіі захапіць княства.

З іншага боку, у выніку войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя — як з Расіяй, так і са Швецыяй — Беларусь згубіла больш за палову свайго насельніцтва. А таксама значныя тэрыторыі — напрыклад, па ўмовах міру з Масквой, заключанага ў 1667-м, мы страцілі Смаленск. За супрацоўніцтва са шведамі пратэстантаў у Рэчы Паспалітай абвясцілі здраднікамі. Пастарам забаранілі публічна насіць святарскую вопратку, нельга было нават адбудоўваць зруйнаваныя у вайну храмы. У 1660 годзе ўсім арыянам (найбольш радыкальнай частцы пратэстантаў) загадалі пакінуць краіну.

Оливский мир 1660 года. Изображение: Polish Central Archives, commons.wikimedia.org
Аліўскі мір 1660 года. Выява: Polish Central Archives, commons.wikimedia.org

Было і яшчэ адно супярэчлівае наступства. З аднаго боку, нашыя продкі зрабілі тады важны выбар на карысць заходніх суседзяў. Хаця частка эліт ВКЛ хацела выйсці з прыгнечанага становішча «пад Польшчай» і пратэкцыя Швецыі ці нават Расіі выглядала зручнейшай, урэшце шляхта Вялікага княства прыйшла да высновы, што «лепш быць пад уладаю слабога польскага караля, чым моцнага шведскага ці расійскага манарха», пісаў Катлярчук. Аднак у выніку гэтага рашэння з цягам часу, падкрэслівае гісторык, «мары пра незалежнасць ВКЛ ператварыліся ў жахлівы сон».

«Гэта прывяло да канчатковай перамогі прапольскай арыентацыі, і, калі Польшча аднавіла сваю ваенную магутнасць, усе групоўкі літоўскай шляхты кансалідаваліся вакол Варшавы. У выніку палітычных манёўраў ВКЛ здолела ўтрымацца на палітычнай мапе Еўропы, а шляхта — захаваць свае прывілеі. Аднак за гэтае выратаванне пазней давялося заплаціць акаталічваннем і паланізацыяй», — дадае ён.

У 1669 годзе філасаф Готфрыд Вільгельм Лейбніц апублікаваў палітычны памфлет, у якім даказваў, што вайна парушыла баланс сіл у рэгіёне і што ў цені расійскай улады Рэч Паспалітая не мае палітычнай будучыні і ў выніку знікне з мапы Еўропы. Яго прагноз апраўдаўся. Праз 103 гады здарыўся першы падзел РП, а ў 1795-м яна спыніла існаванне.

Катлярчук адзначае, што ў гісторыі суседняй Латвіі кароткі перыяд шведскага панавання (1622−1704) вядомы як «добры шведскі час». Стакгольм правёў аграрную рэформу, якая палепшыла стан сялянаў, заснаваў універсітэт, заклаў сістэму народнай адукацыі, спрыяў развіццю латышскай літаратуры, надрукаваў на мясцовай мове Біблію і праз выхаванне настаўнікаў і пастараў стварыў першую ў гісторыю латышкую эліту. Гэта заклала перадумовы для поспеху нацыянальнага руху. Беларусь жа была выштурхнутая на іншы шлях.

Герб Ганса Вітмахера (Ёхана Пальмструха), 1671 год. Фота: commons.wikimedia.org / Swedish National Heritage Board 
Герб Ганса Вітмахера (Ёхана Пальмструха), 1671 год. Выява: commons.wikimedia.org / Swedish National Heritage Board

У гэтым кантэксце цікавы лёс Ганса Вітмахера, які нарадзіўся ў Рызе ў 1611 годзе ў сям'і галандца і беларускі з Полацка, сцвярджае Андрэй Катлярчук. Яго біяграфія — прыклад тых магчымасцяў, які маглі б мець нашыя суайчыннікі. Першыя дзесяць гадоў яго жыцця Рыга належала ВКЛ, потым адышла Швецыі і наступнае стагоддзе была яе найбуйнейшым горадам (нават Стакгольм быў меншы). Пасля заключэння Кейданаўскай уніі Вітмахера, які валодаў беларускай і польскай мовамі, прызначылі галоўным падатковым інспектарам ВКЛ.

Калі саюз двух народаў праваліўся, Ганс, страціўшы працу, прапанаваў шведскаму каралю незвычайную ідэю, якая дазваляла дзяржаве атрымаць дадатковыя грошы, неабходныя ва ўмовах вайны. І 30 лістапада 1656 года пад яго кіраўніцтвам быў створаны дзяржаўны Stockholm Banko — nepшы ў свеце цэнтральны банк. У дадатак Ганс яшчэ і прыдумаў першыя ў Еўропе банкноты, якія былі зручнейшымі за манеты і хутка атрымалі шырокі распаўсюд. За гэта шведскі кароль надаў яму шляхецкае званне (і, па мясцовай традыцыі, новае імя — Ёхан Пальмструх, пад якім яго і памятаюць у Еўропе). Выпадкова ці не, але свой герб сын палачанкі размаляваў у бела-чырвона-белыя колеры.